Ад народных спеваў да шаблі

Руіны палаца ў маёнтку Ліксна, дзе правяла дзяцінства Эмілія Плятэр. Малюнак Напалеона Орды, 1870-ыя гг.

 

Жыццё Эміліі са старажытнага шляхецкага роду шчыльна звязана з Беларуссю. У прыватнасці, яе дзіцячыя гады прайшлі ў маёнтку Ліксна ў тагачаснай Віцебскай губерні. Яна захаплялася гісторыяй і фальклорам, у чым некаторыя даследчыкі бачаць уплыў руху філаматаў і філарэтаў. «Яна … з запалам, уласцівым чуламу і шляхетнаму сэрцу аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму, намагаючыся як толькі было можна, аблегчыць долю. Яна збірала і спявала беларускія народныя песні… . Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта ім падобнае». Ды спакойнае жыццё будзе не доўгім, бо ў неспакойных паўночна-заходніх губернях Расійскай імперыі выбухне вызваленчае паўстанне.

 

Паўстанне 1830-1831.

Лістапад 1830 года – пачатак новага паўстання пад лозунгам “за нашу і вашу свабоду”за аднаўлення Рэчы Паспалітай. Ад самага пачатку яно мае выразна шляхецкі характар і ахоплівае далёка не ўсю Беларусь. Шмат хто з мужчын вагаецца, ці варта ісці на безнадзейную канфрантацыю з царскім рэжымам? Але не гэта дзяўчына, якая імгненна стварае ўласны паўстанцкі атрад! Яна збірае вакол сябе аднадумцаў і паплечнікаў, кажа палымяныя прамовы на плошчах гарадоў і мястэчак, агітуе ўступаць у свой атрад сялян. Па некаторых звестках, яе партызанскі атрад налічваў 280 стралкоў, 60 коннікаў і пару сотняў касінераў. Іх мэтай быў Дынабург на шляху да якога было некалькі ўдалых баёў (Дусяты, Даўгелі, Езяросы). Аднак сілы былі не роўнымі і іх неўзабаве разбілі казакі. Рэшткі атраду далучыліся да іншых паўстанцкіх частак і працягнулі барацьбу.

Помнікі Эміліі Плятэр на тэрыторыі Літвы

 

За адвагу і рашучасць Эмілію ўключылі ў штаб войска Д. Хлапоўскага. Яна стала капітанам і ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку. Далей баі і адступленне, хвароба і заўчасная смерць. А потым яе другое жыццё, але ўжо ў якасці нацыянальнай гераіні.

 

Эмілія Плятэр – наша Жанна Д’арк

 

Трапіць у нацыянальны пантэон Эміліі Плятэр дапамаглі два нашых славутых землякі. Кажуць, што пра прыгоды і подзвігі Эміліі распавёў Адаму Міцкевічу іншы ўдзельнік гэтага паўстання – Ігнат Дамейка. Гісторыя так уразіла паэта, што ён неўзабаве напісаў верш "Смерць палкоўніка".

На палянцы зялёнай, між думных бароў,

Дзе пад клёнам хацінка старая,

Бы застыў у зняменні атрад ваяроў: Іхні там камандзір памірае. …

Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...

Хто ж мог знаць, што баёў завадатар

Быў... дзяўчынай! Была – слёз не трэба, жанкі –

То ліцвінка Эмілія Плятэр!

У Польшчы, Літве, Латвіі імя Эміліі Плятэр носяць вуліцы і плошчы. У міжваеннай Польшчы, нават, купюра ў 20 злотых была з партрэтам нашай гераіні… А што мы можам зрабіць з вамі, каб аддаць даніну павагі Эміліі ў Беларусі? Памятаць пра яе і папулярызаваць яе імя ў нашай незалежнай краіне. Першы крок – апрануць цішотку з яе выявай!

Апублікавана ў Гісторыя |

Анатоль Сцебурака