Сімвал моцы, упэўненасці і рашучасці. Гэтыя элітныя часткі не раз вырашалі вынік бітваў, прыводзячы ў жах ворагаў. Найлепшыя ваяры сваёй эпохі, крылатыя вершнікі, мелі выдатную дысцыпліну і дзейнічалі згодна і разам. Вораг паказваў спіны губляючы веру ў сябе перад хваляй выкшталцонай конніцы, якая, падавалася, не скакала, але плыла па-над полем бітвы. Крылы вершнікаў пад час імклівай атакі шапацелі і велічна рухаліся. Гусары, сапраўды, больш нагадвалі антычных бостваў вайны, што спусціліся на зямлю каб пакараць неабачлівага і легкадумнага праціўніка.

 

 

Гусары – від конніцы ў большасці еўрапейскіх краін у XV – ХХ ст. У ВКЛ з’яўляюцца ў XVІ ст. і даволі хутка робяцца асноўнай ударнай сілай воска. Гэта цяжкаўзброеная кавалерыя, якая прызначалася для франтальнага ўдару з мэтай разбурэння варожых шыхтоў. Яны мелі найлепшую амуніцыю – прылбіцы, панцыр, тарч, дзіду, шаблю, чакан, агнястрэльную зброю. Крылатыя вершнікі мелі крылы, што мацаваліся за спінаю на металічных даспехах конніка, альбо да тыльнай часткі сядла. Крылы давалі моцны псіхалагічны эфект і аглушальна ўздзейнічалі на непрыяцеля. Да таго ж шышак ваяра і нагалоўе каня аздаблялі дадаткова чорнымі пёрамі.

 

Неверагодна прыгожыя фотаздымкі Анджэя Віктора

 

Крылатыя вершнікі мелі высокія баявыя якасці і іх кідалі на самыя складныя баталіі. Часцей за ўсё іх выкарыстоўвалі ў войнах з Маскоўскай дзяржавай і Швецыяй. Бліскучым прыкладам баявых якасцяў крылатых гусараў стала Кірхгольмская бітва. Калі наша войска на чале з вялікім гетманам Янам Каралям Хадкевічам перамагло ўдвая большае войска шведаў! А самога гетмана пачалі клікаць “правадыром крылатых вершнікаў”.

Гусарыя на малюнках Р.Паласіаса-Фернандэса

 

Крылатыя гусары сталі сімвалам эпохі. Так, гэта былі не лепшыя часы для нашай Бацькаўшчыны, калі ворагі з’яўляліся без запрашэнняў і рабавалі нашу зямлю. Але такі час нараджаў і мужных герояў. Крылатыя вершнікі – гэта, пераважна, прадстаўнікі буйной шляхты – эліта тагачаснага грамадства. Яны былі выхаваныя ў высакародных традыцыях згодна з дывізам: жыццё – Радзіме, гонар – нікому! У той час панавала ідэалогія сарматызму, паводле якой патрыятызм быў не пустым гукам, а выслоўе “Dulce et decorum estpro Patria mori” быў жыццёвым прынцыпам многіх лепшых сыноў Айчыны.

Аднаўляючы выявы крылатых вершнікаў, мы аддаём ім найперш даніну павагі. Бо без іх ахвяраў і подзвігаў у мінулыя стагоддзі – не было б сёння нашай Рэспублікі! Менавіта яны не далі заваёўнікам стаптаць капытамі нашы гоні і паняволіць наш народ у часы найцяжэйшых выпрабаванняў.

Маючы на сваёй байцы ці ціштоцы крылатага вершніка – мы зараджаемся ад іх энергіяй і верай. Верай у моц нашай краіны! Чалавек, што аднойчы прымераў такую рэч ніколі не пойдзе на кампраміс са сваім сумленнем і скорыцца жыццёвым нягодам!

Сумесны праект LSTR Adziennie і грамадскай кампаніі "Будзьма": цішоткі з выявай крылатага вершніка для зборнай Беларусі па муай-тай

Апублікавана ў Гісторыя |

Анатоль Сцебурака