Віленская аперацыя: стрымаць лавіну.

На пятым месцы – Віленская аперацыя 1915 года, якая фактычна спыніла “вялікае адступленне” арміі Расійскай імперыі. Так, гэта не было беларускае войска, але ў яго шэрагах білася амаль 900 000 беларусаў – як можна лічыць тую вайну “не сваёй”? Тым больш, кайзераўскі рэжым, як сведчаць даследванні, у выніку перамогі не меў на ўвазе ніякай беларускай дзяржаўнасці, нават у якасці васалаў, нават у сервільным стане – ніякай. Таму перамога немцаў у Першай Сусветнай з вялікай імавернасцю вяла за сабой этнацыд. І таму варта помніць пра перамогу, якая не дала здзейсніцца такому.

Лепшыя стратэгі Германіі, яе фактычныя кіраўнакі падчас Першай Сусветнай – Эрых Людэндорф і Пауль фон Гіндэнбург – у жніўні 1915 года рыхтаваліся дабіць армію Расіі на беларускіх землях і ліквідаваць Усходні фронт – каб потым ўсёй моцай развярнуцца на Захад і скінуць хаўруснікаў у мора. Асноўны удар – ад Вільні на Мінск і Маладзечна, дапаможны – ад Нёмана на Ліду і Баранавічы. 27 жніўня 10-я армія рэйхсеру пайшла ў наступ. Захоп Маладзечна забяспечвала мабільная кавалерыйская група фон Гарн’е. Насустрач ёй глаўкамзап Аляксей Эверт кінуў 2-ю армію Смірнова – спехам пазбіваную, адчуваючую моцны недахоп у матэрыяльнай частцы, без цяжкай артылерыі. Але армія, у якой немалы адсотак складалі беларусы, задачу выканала – непераможны да таго рэйсвер пачаў буксаваць. Ужо ў сярэдзіне 1915 года былі вызваленыя раней занятыя Смаргонь і Вілейка. Моцныя ўдары кайзераўскіх войскаў поспеху не малі. Нарэшце наступленне немцаў скончылася, фронт стабілізаваўся па лініі Паставы – Смаргонь - Крэва – Баранавічы – Пінск.

Не здолеўшы ліквідаваць Усходні фронт ў 1915 годзе, германская армія падпісала сабе прысуд. У цісках галоднай блакады яна працягнула яшчэ тры гады, але канец быў адзін – вайны на знясіленне Германія і яе хаўруснікі выйграць не маглі і не выйгралі. І ў гэтым – заслуга ў тымі ліку і подзвігу нашых продкаў.

 

 Аблога і ўзяцце Смаленска: зламіць цвярдыню.

Фрагмент мультфільма "Крепость"

 

Гэтая аблога не мае ў масавай свядомасці амаль ніякага водкліку – суседзі, расіяне, памятаюць пра яе значна лепш. Так, праз паўтара тыдні на экраны (у тым ліку і ў Беларусі) выходзіць мультфільм “Крепость”, прысвечаны менавіта тым падзеям. Нядрэнна б і нам ведаць пра іх.

У 1609 годзе ВКЛ і Карона ўцягнуліся ў дынастычную свару ў Рускім царстве, афіцыяльна падтрымаўшы “асабістую вайну” рода Мнішкаў, якія актыўна удзельнічалі у маскоўскіх падзеях з 1605 г. Войска Рэчы Паспалітай рушыла на Маскву, але па дарозе стаяў Смаленск. Лепшая ці адна з лепшых крэпасцяў Усходняй Еўропы, дзенцішча фартыфікацыйнага генія Фёдара Каня, яна мела 39 вежаў, трайную сістэму агнявога боя (большасць крэпасцяў таго часу абыходзіліся двайной), валы, равеліны, рвы – на той час гэта быў сапраўдны хай-тэк. Узяць гэтую цвярдыню было б цяжка нават калі б на чале абароны стаяў слабы, баязлівы ці дурны ваявода – а Міхаіл Шэін не быў ні першым, ні другіх, ні трэцім.

Зламіць цвярдыню было не тое што цяжка – не было вядома, ці магчыма гэта ўвогуле. Ваяры ВКЛ і Польшчы перад цяжкасцямі не адступілі. Узяць крэпасць з наскоку не атрымалася, пачалася доўгая правільная асада з усімі яе радасцямі – голадам, хваробамі, стратамі. Амаль два гады патрабавалася нашым продкам каб нарэшце ўзяць Смаленск. Але фартыфікацыйны геній Каня і мужнасць абаронцаў саступілі воінскаму майстэрству і мужнасці войска Рэчы Паспалітай. 3 чэрвеня 1611 года адбыўся рашучы штурм, і крэпасць здалася. У далейшым менавіта Смаленск стаў галоўным “прызам” ВКЛ падчас ратыфікацыі Дэвулінскага перамір’я.

 

Абарона Смаленска: адстаяць сваё.

Капітуляцыя асаднай арміі Шэіна перад каралем Уладзіславам IV (фрагмент трыўмфальнай карціны, каля 1634, невядомы мастак)

 

Страта Смаленска была цяжкім ударам для Рускага царства. Аддаўшы крэпасць у 1618 годзе, Міхаіл Раманаў не змірыўся і пачаў рыхтаваць новую вайну. Між тым, Рэчы Паспалітай доўгі час было не да ўсходняга напрамку – да 1629 года грымелі стрэлы ў Інфлянтах, на Днястры рубіліся з туркамі, ворагаў хапала. Між тым рускія сабралі сілы, і ў 1632 годзе армія выступіла... правільна, на Смаленск. Ролі памяняліся, на гэта раз рускія асаджалі крэпасць, а нашы продкі – абаранялі. А на чале варожай арміі стаяў – так, той самы Міхаіл Шэін, які бліскуча, хоць і баспаспяхова, абараняў той жа Смаленск 20 гадоў таму. Гарнізон крэпасці складаў крыху болей за 2 000 супраць 24 000 захопнікаў, не хапала ежы, пораху, нават вады! Руская абложная артылерыя разбурала сцены, воі прадпрымалі штурм за штурмам, але абаронцы адбівалі кожны наступ. Аблога цягнулася з снежня 1632 па жнівень 1633 года, поспехаў рускія не мелі. У выніку да Смаленска падцягнулася каралеўская армія Уладзіслава IV, і войска Шэіна пасля двух месяцаў баёў апынулася ў стане абложанага. Прыпасы скончыліся, і 16 лютага 1634 года Шэін пагадзіўся на ганаровую капітуляцыю – рэшткі маскоўскага войска выйшлі з акружэння са зброяй, але вайна была прайграная.

Цар Міхаіл Раманаў Шэіну не дараваў, ужо 8 траўня 1634 года ваявода стаў карацей на галаву. У гэтым ёсць  нейкая гістарычная іронія – Міхаіл Шэін праз гераічную абарону Смаленска ад нашых продкаў перажыў небывалы ўзлёт сваёй кар’еры. А за няўдалую аблогу таго ж Смаленска пазбавіўся жыцця. А нам трэба помніць, што вайна 1632-1634 гадоў, якая так і называецца – Смаленская – была намі выйграная…

 

Бітва на Уле: выратаваць дзяржаву.

Інфлянцкая вайна пачалася для ВКЛ максімальна няўдала, а для Рускага царства – наадварот. Пасля сенсацыйнага захопу Полацка у 1563 годзе маскоўскі цар Іван Грозны вырашыў дабіць заходняга суседа аднім сакрушальным ударам. 50 000 рускіх выйшлі з Вязьмы, а 24 000 пад кіраўніцтвам Пятра Шуйскага – з Пролацку. Планавалася аб’яднаць арміі пад Оршай і бліскучай перамогай скончыць вайну.

Але кіраўніцтва ВКЛ такі вынік катэгарычна не задавальняў – на коне стаяла дзяржаўная незалежнасць. Напераймы інтэрвентам рушыла армія вялікага гетмана Літоўскага, славутага Мікалая Радзівіла Рудага. Дарэчы, армія невялікая – супраць 24 тысяч ворагаў ён меў наўрад ці больш 8-10 тысяч. Але якасць войска была высокай, а галоўнае – у Радзівіла як гадзіннік працавала разведка, пра варожую армію ён ведаў усё. Гэта і дапамагло гетману заняць стратэгічна выгадную пазіцыю пад Чашнікамі на рацэ Уле і ў патрэбны момант схаваць частку кавалерыі ў лесе, які знаходзіўся ззаду пазіцый маскоўскай арміі. Падчас франтальнага ўдару асноўнай арміі засадныя аддзелы рушылі з тылу – і ўчынілі поўны разгром. Загінула, было паранена альбо ззята ў палон больш за 9 000 рускіх ваяроў, мноства баяраў і сам Пётр Шуйскі. Дарэчы, цела рускага ваяводы Радзівіл Руды загадаў прывезці ў Вільню і пахаваць з ушанаваннямі – гетман ўмеў паважаць мужнасць.

Вялікі паход 1564 года, які павінен быў выбіць зх вайны ВКЛ, быў сарваны. Армія Шуйскага перастала існаваць, армія князёў Сярэбраных, што выйшла з Вязьмы, вярнулася дамоў. Вайна працягвалася яшчэ 19 гадоў… Па маштабу і тактычным наступствам бітва на Уле прыблізна роўная бітве пад Оршай, па стратэгічным наступствам – пераўзыходзіць цалкам. Па вядомасці… Ну вы разумееце, амаль ніякая.

 

Бітва пры Кіргхольме: зрабіць немагчымае.

Пачатак 17 стагоддзя стаўся для ваеннай гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай неадназначна. З аднаго боку, армія дзяржавы знаходзілася ці не на піку росквіту, з другога – недахопы кіравання і пастаянная вайна на некалькіх напрамках знясільвалі каріну, і поспехамі нават бліскучых перамог не заўсёды давадзілася карыстацца. Але менавіта тады войска ВКЛ атрымала перамогу, якую я з упэўненасцю стаўлю на першае месца. Не па гістарычнай значнасці, а па характару самой перамогі. Вершнікі Княства зрабілі тое, што лічылася немагчымым.

Супраць аддзелаў ВКЛ стаяла 27 верасня 1605 года армія, якая яшчэ патрасе громам перамог усю Еўропу – шведы. 11-12 тысяч выдатная падрчыхтаваных жаўнераў, сярод якіх большая частка – пікінеры і мушкяцёры. То бок пяхота, якая лепш за ўсё можа ваяваць з кавалерыяй, супраць маналітных карэ былі бескарысныя і дзіды рыцараў, і шаблі турэцкіх сіпахаў, і стрэлы маскоўскай памеснай конніцы. А армія ВКЛ састаяла амаль выключна з конніцы – 3500 вершнікаў, большасць – крылатыя гусары. То бок адзін коннік супраць трох, маючых перавагу ў баі з коннікам. Здаецца, надзеі на перамогу не было ніякай.

Коннікі Яна Караля Хадкевіча зрабілі немагчымае. Ён кіраваў аддзеламі кавалерыі, як дырыжор аркестрам. Простая лабавая атака гусарыі на ворага, безумоўна, каштавала бы жыцця каму-небудь з варожай арміі, але скончылася б усё адным – поўным разгромам кавалерыі. Таму Хадкевіч расчляніў свае баявыя парадкі па фронту і ў глыбіню, і адносна невялікія аддзелы ахапілі шведаў з трох бакоў. Ў баі кожны аддзел ведаў што рабіць, ні адзіная падзея не сталася напраснай – ні фальшывае адступленне конніцы Дубровы, якая заманіла шведскіх рэйтараў пад мушкеты пяхоты Хадкевіча. Ні самагубная лабавая атака гусараў Вінцэнта Войны, у якіх была задача загінуць, але хоць на колькі часу звязаць пікінераў боем. Ні флангавы ахоп аддзелаў Сапегі, якія замкнулі паўкола акружэння. Колькасная перавага ў тры разы, пікі, дысцыпліна, мушкеты – нішто не выратавала шведаў, армія пабегла і перестала існаваць, страты бакоў склалі 300 у Хадкевіча супраць 6000 з гакам у Карла IX. Гусарыя падцвердзіла славу найлепшай кавалерыі свету, а Хадкевіч здабыў славу непераможнага палкаводца.

Апублікавана ў Гісторыя |

Дзяніс Буркоўскі