Як LSTR птушкам дапамагае.

30.06.2018

Як LSTR птушкам дапамагае.

Летась мы выпусцілі модныя світшоты са шчыгеламі — навінка разляцелася ўмомант. Многія захацелі прыдбаць сабе якасную дызайнерскую вопратку з птушкай 2018 года, а заадно дапамагчы дзікай прыродзе: дзясятую частку прыбытку ад світшотаў вытворца перадаў на падтрымку працы АПБ.

VM1_9006.jpg VM1_9177.jpg

Дырэктар брэнда LSTR—Адзенне Ілля Аксёнаў лічыць, што нашы птушкі – такія ж моцныя сімвалы Беларусі, як арнамент або Пагоня. Дарэчы, шмат блізкіх сяброў і знаёмых Іллі цікавяцца птушкамі і бёрдвочынгам, таму ідэя супрацоўніцтва з АПБ выспела сама сабой.

Птушкі на адзенні – гэта ярка, стылёва і запамінальна. Сапраўды, попыт на світшоты са шчыгеламі аказаўся вельмі добры. Дзякуючы LSTR і яго пакупнікам АПБ сабрала 500 рублёў, за якія былі набытыя інструменты для валанцёрскіх летнікаў на Тураўскім лузе.

 sekatory.jpg

З дапамогай гэтых сякатараў можна будзе расчысціць большую плошчу тэрыторыі.

Максім Нямчынаў, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ: "Беларусь знаходзіцца ў лясной зоне: тут кожны кавалачак зямлі імкнецца зарасці кустамі і дрэвамі, калі толькі нешта не стрымлівае гэтага зарастання. Паплавы, або заліўныя лугі, — гэта экасістэмы, якія сталі рэдкімі праз зарастанне вербалозамі і дрэвамі і праз тое, што чалавек рэгулюе паводкі з дапамогай каналаў і дамбаў. Адначасова паплавы — гэта месцы пражывання і адпачынку падчас міграцыі дзясяткаў відаў птушак: кулікоў, качак, гусяў і іншых. Тураўскі луг — надзвычай важная для птушак тэрыторыя: уся астатняя пойма аграменнай Прыпяці ўжо зарасла! І ўсе птушкі, якія тысячагоддзямі прыпыняліся на гэтай прасторы, цяпер ціснуцца на малюсенькім «пятачку» Тураўскага лугу. Тут бывае да некалькіх соцень тысяч птушак штодня! Калі мы страцім гэты «фарпост» — страцім іх усіх. Як стрымаць зарастанне лугу? Цяпер там, напрыклад, адмыслова выпасаюць кароў-лімузінаў, каб аб’ядалі маладое галлё вербаў. Але перарослыя кусты і, тым больш, дрэвы іх ужо не цікавяць. Такую расліннасць трэба выдаляць уручную: дрэвы спілоўваць, а хмызы выдаляць секатарамі, бо піла тут не спрацуе. Працаваць з секатарам значна прасцей і бяспечней, чым з бензапілой ці сякерай."

Дарэчы нашая гісторыя мела працяг: мы выпусцілі новую лімітаваную серыю птушыных світшотаў для дзяўчат – гэтым разам з зімародкам. 10 % ад продажаў LSTR зноў ахвяруе АПБ на прыродаахоўную дзейнасць. Дзякуй усім, хто набывае нашае адзенне з птушкамі і падтрымлівае дзікую прыроду!

VM__6411.jpg VM__6433.jpg

Паводле: http://ptushki.org/news/organization/641302.htmlhttp://ptushki.org/news/644758.html